Настаўнікі паказалі клас! Карэліцкія педагогі плённа паўдзельнічалі ў мерапрыемствах да 75-годдзя Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі

Сваё 75-годдзе Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі адзначыў напрыканцы кастрычніка шэрагам маштабных падзей, дзе ўзялі актыўны ўдзел і прадстаўнікі Карэліччыны.

“На працягу некалькіх дзён мы мелі магчымасць пазнаёміцца з новымі тэндэнцыямі і актуальнымі напрацоўкамі калег з усёй вобласці ў сферы адукацыі, а таксама падзяліцца ўласнымі дасягненнямі. У прыватнасці, карэліччане прадэманстравалі высокі прафесійны ўзровень на фестывалі педагагічнага майстэрства “Пачатковая школа: вопыт, адкрыцці, творчасць”, на форуме кіраўнікоў устаноў адукацыі і ў конкурсе распрацовак кампетэнтнасна-арыентаваных заданняў па вучэбных прадметах для першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, – удакладніла метадыст Карэліцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Тамара Ляўковіч.

Асабліва запомніўся нашым педагогам фестываль “Пачатковая школа: вопыт, адкрыцці, творчасць”. У яго межах адбылося прадстаўленне найбольш каштоўных здабыткаў у рабоце “Калейдаскоп педагагічных ідэй”, дзе ў секцыі “Сродкі развіцця пазнавальнага інтарэсу малодшых школьнікаў” удала выступілі з сумесным дакладам настаўнікі пачатковых класаў ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы” Святлана Комар і Марыя Хіневіч. “За дзесяцігоддзі працы з дзецьмі мы ўбачылі, што з дапамогай інтэлектуальных гульняў вучні спасцігаюць новыя веды лепш, – адзначылі карэліччанкі. – Шматгадовы вопыт дазволіў нам пабудаваць сваё выступленне на яркіх прыкладах, у выніку яно больш нагадвала дыялог з аўдыторыяй. У калег з вобласці ўзнікла шмат пытанняў, тэма захапіла прысутных. У чым сутнасць нашага метаду? Мы вядзём дадатковы занятак па курсе “Чалавек і свет”. Напрыклад, бяром тэму “Знакамітыя людзі Беларусі”, даём дзецям тэорыю і абавязкова ўсё замацоўваем інтэлектуальнай гульнёй. Гэта можна зрабіць у выглядзе “Што? Дзе? Калі” альбо “Разумнікаў і разумніц”. Звычайна вучні дэманструюць у гульнях выдатныя веды, а гэта самая вялікая ўзнагарода для настаўніка”. Дадамо, што да гэтых парад варта прыслухацца, бо абодва педагога маюць вялікі стаж: Марыя Хіневіч у школе працуе з 1987 года, а Святлана Комар – з 1989 года.

Таксама на фестывалі разгарнулася інтэрактыўная пляцоўка “Горад майстроў”. Выхавальнік групы падоўжанага дня ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы” Алена Васько здзівіла ўдзельнікаў і гасцей педагагічнага форуму майстар-класам па вырабу лялькі з лёну “Берагіня”, а настаўнік пачатковых класаў ДУА “Цырынскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа” Таццяна Палякова пазнаёміла прысутных з нетрадыцыйнымі тэхнікамі малявання. “Лён выклікаў неверагодны інтарэс у публікі, нават давялося даць некалькі майстар-класаў. Асабліва былі ўражаны госці з Польшчы, – падзялілася ўражаннямі Алена Васько. – Усе ўважліва слухалі аповед пра любімую беларусамі сельгаскультуру, з цікавасцю дакраналіся да яе, нават спрабавалі адчуць пах, а потым разам са мной рабілі льняную ляльку-абярэг і ўпрыгожвалі яе. Падчас майстар-класа я таксама расказала прысутным пра карэліцкую зямлю, асобна хачу выказаць падзяку Антаніне Аўчыннікавай за дапамогу з тэкстам. А яшчэ мая лялька з лёну была выканана з выкарыстаннем колераў малой радзімы – жоўтага і сіняга”.

Чакала карэліччан і ўзнагарода на абласным конкурсе распрацовак кампетэнтнасна-арыентаваных заданняў па вучэбных прадметах для першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Настаўніка пачатковых класаў ДУА “Жухавіцкая сярэдняя школа” Алену Івашка адзначылі Дыпломам ІІІ ступені. Яшчэ ў 1991 годзе таленавіты педагог распачала прафесійны шлях, які падарыў ёй багата цікавых знаходак. “Не сакрэт, што большасць дзяцей наўрад ці назавуць матэматыку лёгкім прадметам. Але ў сваёй конкурснай рабоце я вырашыла паказаць, як зацікавіць ёй вучняў даволі простым і хуткім спосабам, – падкрэсліла Алена Івашка. – Было складзена некалькі матэматычных заданняў, але з краязнаўчым сюжэтам. Напрыклад, пра настаўніцу, якая з класам збіраецца наведаць малую радзіму Ігнація Дамейкі – вёску Мядзвядка – і шукае аптымальны машрут. Як бачым, нічога складанага, але вучні адразу па-іншаму пачынаюць успрымаць прадмет. Радасна, што і калегам з суддзямі на абласным педагагічным форуме такія ідэі прыйшліся даспадобы. Увогуле падзея атрымалася насычаная, збалансаваная і жывая, дзе тэорыя гарманічна чаргавалася з практыкай і кожны знайшоў для сябе шмат карыснага”.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара, groiro.by, guhovichi.schools.by і Карэліцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета

Информация с сайта polymia.by