Не скучали ни минуты! Насыщенная, яркая и интересная третья смена в «Вясёлке» завершилась

Трэцяя змена ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Вясёлка” развіталася са 125 дзяўчынкамі і хлопчыкамі. У памяці застануцца яркія ўражанні і прыемныя ўспаміны аб летнім адпачынку. Нягледзячы на тое, што на працягу 18 дзён стаяла дажджлівае і халаднаватае надвор’е, у лагеры царыла цёплая атмасфера сяброўства і ўзаемаразумення.

– Трэцяя профільная патрыятычная змена прайшла пад назвай “ЗУБР”, што на рускай мове з’яўляецца абрэвіятурай выразу: “Здесь учат быть решительными”, – падзялілася дырэктар лагера Лідзія Сакалова.– Ведаеце, нават цяжка пералічыць усе мерапрыемствы, у якіх прынялі ўдзел рабяты. Разам з усёй краінай 3 ліпеня “Вясёлка” адзначыла Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Прайшлі конкурсы малюнкаў на ваенную тэматыку, патрыятычнай песні. Але самай запамінальнай для ўсіх стала вячэрняя акцыя “Праспяваем гімн разам”. У лагеры рабяты таксама адсвяткавалі Купалле: днём для іх была арганізавана экскурсія на возера Свіцязь, дзе яны змаглі пусціць на ваду вянкі, а вечарам хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся шукаць папараць-кветку. Не засталіся без ўвагі і спартыўныя мерапрыемствы і рухавыя гульні, у якіх дзеці вельмі любяць прымаць удзел. Важаты кожнага атрада дасылае фота ў сумесную з бацькамі групу ў Вайберы.Таму яны на свае вочы бачаць, чым заняты іх дзеці.

Здароўе рабят таксама знаходзіцца ў надзейных руках, Урач і тры медыцынскія сястры кругласутачна назіраюць за дзецьмі, правяраюць санітарны стан пакояў у доміках, прысутнічаюць на ўсіх мерапрыемствах і праводзяць вітамінізацыю.

А якія ўражанні ў саміх дзяцей пакінула трэцяя змена ў “Вясёлцы”?

Станіслаў ПАЧЫНЧЫК,
камандзір другога атрада:

– У лагер прыехаў упершыню. Мне вельмі спадабалася, таму спадзяюся ў наступным годзе ізноў адпачыць тут. А калі вырасту, хацеў бы прыехаць у лагер у якасці важатага. Змена прайшла велькі хутка, лепш сказаць, праляцела. Бо кожны дзень быў цікавым і насычаным. Наш атрад “Чэмпіёны” заняў першае месца ў спартландыі. Увогуле, мы вельмі любім спартыўныя гульні. У поўным захапленні ўсе рабяты засталіся ад сустрэчы з байкерамі, якія наведалі лагер у мінулую пятніцу. Мы не толькі даведаліся шмат новага аб тэхніцы і прынялі ўдзел у розных конкурсах, аленекаторыя з нас змаглі пракаціцца на матацыклах.

Паліна ЧАЧОТКА,
камандзір пятага атрада:

– Першы раз трапіла ў “Вясёлку” восем гадоў таму, калі мне было дзевяць. Добра памятаю, колькі было слёз пры развітанні з лагерам. З таго часу штогод з вялікім задавальненнем прыязджаю сюды. Што для мяне адпачынак у “Вясёлцы”? Перш за ўсё, гэта яркія ўражанні і ўспаміны, якіх хапае на ўвесь год. А таксама новыя знаёмствы і сябры, з якімі вельмі хочацца трапіць на чарговую лагерную змену.